Тэма 2.4 Стылістычная дыферэнцыяцыя лексікі. Лексіка беларускай мовы паводле сферы ўжывання

 

Сучасная беларуская літаратурная мова выкарыстоўваецца ў многіх сферах. Гэта мова дзяржаўнага кіравання і грамадскіх і іншых арганізацый; ёю карыстаюцца работнікі прамысловасці і сельскай гаспадаркі, навукі і культуры;  на ёй ажыццяўляецца навучанне ў розных тыпах школ, вядзецца прапаганда тэхнічных і навуковых ведаў, выходзяць кнігі па мастацкай літаратуры, навуцы, тэхніцы, выдаюцца газеты і часопісы, яна гучыць у тэатрах, на радыё і тэлебачанні. Гэта прадвызначае яе функцыянальна- стылістычнае  размежаванне – падзел на функцыянальныя стылі. Функцыянальны стыль – разнавіднасць літаратурнай мовы, якая вызначаецца сферай ужывання і характарызуецца  адметнымі лексічнымі, граматычнымі, фразеалагічныя і іншымі сродкамі. Існуюць наступныя асноўныя функцыянальныя стылі: афіцыйна-справавы, навуковы, публіцыстычны, мастацкі, гутарковы. Афіцыйна-справавы стыль, у якім афармляюцца розныя акты дзяржаўнага, грамадска-палітычнага, эканамічнага жыцця, дзелавых адносін паміж членамі грамадства, характарызуецца  лагічнасцю выкладу, ужываннем  устойлівых канструкцый, у прыватнасці безасабовых і загадных, адсутнасцю эмацыйнай афарбоўкі,  мнагазначных слоў і выслоўяў. Гэта мова законаў, указаў, распараджэнняў, справаводства і перапіскі. Узор стылю: «Павышаць сваю кваліфікацыю  медыкам  Беларусі прадаставіць магчымасць кафедра дыягностыкі і медыцынскай інфарматыкі, якая распачала дзейнічаць у Гродненскім дыягнастычным цэнтры. Заснавальнікам яе стаў Гродненскі медінстытут, выкладчыкі якога зрабілі базу прыдатнай не толькі для навучальнага працэсу, але і для даследчай працы”.

Навуковы стыль абслугоўвае розныя  галіны навукі і тэхнікі. Яму ўласцівае шырокае выкарыстанне тэрмінаў і абстрактных складаных слоў, складаных сказаў, у прыватнасці складаназалежных, з дапамогай якіх  выражаюцца прычынна-выніковыя сувязі паміж часткамі тэксту. Як правіла, для гэтага стылю не характэрная эмацыянальна-экспрэсіўная лексіка. Узор стылю: “Да слоўніка  дадаецца індэкс выкарыстаных лексем, які дзеліцца на тры часткі: кірылічную, лацінскую і грэцкую. У аснову размяшчэння матэрыялу, у якім дамінуе анамастыка, пакладзены зводныя алфавітна-транскрыпцыйныя   рады, створаныя па графіка-фанетычным прынцыпе з ахопам тых знакаў, што з дапамогай якіх аформлены выкарыстаны лексікон”.

Найбольш характэрнай прыкметай  публіцыстычнага стылю  з’яўляецца спалучэнне лагічнасці выкладу, доказнасці і пераканаўчасці з вобразнасцю і эмацыйнасцю. Задача публіцыстыкі заключаецца не толькі ў тым, каб выкладаць пэўныя факты, з’явы рэчаіснасці, але і даваць ім ацэнку, фарміраваць грамадскую думку. Тут шырока выкарыстоўваецца грамадска-палітычная лексіка, эмацыйна-ацэначныя сродкі іншых стыляў. Узор стылю: «Алена Пчолка, як і яе мужная дачка, і ў апагеі вышэйшай трагікі магла выказацца сам сабе: “Хто вам сказаў, што я слабая, што я слухаюся лёсу?” Уцякала ад гора і страт у вір працы і мужна  працавала на сваёй пасадзе. Самаахвярна працавала як журналістка... Алена Пчолка жыла ў рэдакцыі часопіса “Родны край”, а  сама рэдакцыя і жыла ў яе доме. Усё гэта патрабавала вялікіх сродкаў, і жанчына з роду Драгаманавых ніколі не ведала, дзе закнчваецца асабістае, а пачынаецца грамадскае».

У мастацкім стылі, гэта значыць у стылі мастацкай літаратуры, ярчэй за ўсё выяўляецца лексічнае багацце мовы. Гэтаму стылю характэрна ўжыванне слоў у прамым і пераносным значэнні, выкарыстанне ўсіх сродкаў выразнасці – лексічных, сінтаксічных, фразеалагічных, выяўляецца аўтарская індывідуальнасць. Узор стылю: Усё, што Сотнікаў перажыў на вайне, яшчэ і каторы раз, даводзіла неабвержанасць не новага ўжо меркавання, што адзіная рэальная каштоўнасць у чалавека на свеце – яго жыццё. Калі-небудзь у дасканалыім людскім грамадстве яно стане катэгорыяй-абсалютам, мерай і цаною ўсяго. Кожнае такое жыццё, з’яўляючыся галоўным сэнсам чалавечага існавання, зробіцца не меншай каштоўнасцю для ўсяго грамадства наогул, сіла і гармонія якога будуць вызначацца шчасцем кожнага яго члена. А смерць што ж - смерці не мінуць нікому. Важна толькі пазбыцца гвалтоўных смерцяў, даць чалавеку магчымасць разумна і добра выкарыстаць і без таго не надта вялікі свой час у гэтым свеце. Пры ўсёй сваёй неверагоднай магутнасці над прыродай чалавек, напэўна, доўга яшчэ астанецца ўсё такім жа абмежаваным у сваіх магчымасцях, калі самага маленькага кавалачка металу даволі на тое, каб назаўсёды адабраць адзінае такое дарагое для кожнага жыццё (В. Быкаў. Сотнікаў).

Гутарковы стыль, або стыль гутарковай мовы, задавальняе патрэбы непасрэдных зносін людзей у паўсядзённым жыцці. Акрамя  адметных моўных сродкаў (гутарковыя, а часам і прастамоўнай варыянты слоў, кароткія простыя, няпоўныя, эліптычныя  сказыі пад.), складнікамі гэтага стылю з'яўляюцца інтанацыя, міміка, жэсты, канкрэтная сітуацыя. У асноўным гэты стыль прадстаўлены вуснай формай. У пісьмовым выглядзе выкарыстоўваецца як дыялагічнае або полілагічнае  маўленне ў мастацкіх творах. Узор:  

– Здароў.

– Здароў, здароў. Ну праходзь далей у хату, сядай.

– Дзякуй. Ну як жа ты тутака маешся, як пажываеш?

валася?

– А што з табой такое зрабілася?

– А бо, дай жа рады: суседка папрасіла памагчы ёй перабраце бульбу ў склепе, расчыніла дзверы,  акенца таксама было адчынена, а мяне так скразняком прахапіла, што ўсе жылачкі скруціла ў целе, жывога месца на мне не было (Н. С. Мажэйка, А. Я. Супрун).

А.К. Юрэвіч адзначае, што «Лексічнае значэнне, якое з'яўляецца сутнасцю, стрыжнем слова, можа ўзбагачацца дадатковай семантычнай якасцю –  экспрэсіўнасцю (ад лац. expressio выражэнне). Экспрэсіўнасць - гэта адлюстраванне ў слове эмацыянальных і ацэначных адносін чалавека да таго, што ён гаворыць або піша. Так, словы сонца і сонейка маюць агульнае лексічнае значэнне “нябеснае свяціла”, але ў слове сонейка ёсць дадатковая якасць – ацэначнасць, якая выражае ласкавыя, спагадлівыя адносіны асобы да названага прадмета. Слова вецер значыць 'паветраная плынь', вятрыска 'моцны,  колкі вецер', смяяцца 'выражаць гукамі радасць, весялосць', хіхiкаць 'смяяцца спадцішка', ісці 'перамяшчацца ў прасторы', дыбаць 'ісці размерана і важна або нязграбна'. Словы сонца, вецер, смяяцца, ісці называюцца нейтральнымі, а сонейка, вятрыска, хіхікаць, дыбаць –стылістычна афарбаванымі.

Стылістычная афарбоўка выяўляецца таксама ў словах, якія спрадвеку маюць экспрэсіўную прыкмету, выражаюць станоўчую або адмоўную ацэнку: маладзец, лайдак, лежабок; у нейтральных словах, якія ўжываюцца з пераносным значэннем: заяц, ліса, мядзведзь (пра чалавека); у формах слоў з суфіксамі ацэнкі, утвораных ад нейтральных слоў: галубок, зорачка, кацянятка.

Стылістычна афарбаваныя словы пазначаюцца ў слоўніках адпаведнымі лексікаграфічнымі паметамі: ласк. (ласкальнае), груб. (грубае), пагард. (пагардлівае), зневаж. (зневажальнае), іран. (іранічнае), лаянк. (лаянкавае), разм. (размоўнае), абл. (абласное), кніжн. (кніжнае), спец. (спецыяльнае), уст. (устарэлае), гіст. (гістарычнае), выгок. (высокае), паэт. (паэтычнае) і інш.

Да нейтральнага слова можна падабраць сінонім - слова, стылістычна афарбаванае. Словы ней гральныя і стылістычна афарбаваныя проціпастаўляюцца (нейтральныя – кніжныя, высокія; нейтральныя – размоўныя, прастамоўныя) і па-рознаму выкарыстоўваюцца ў розных моўных сітуацыях, розных моўных стылях.

Сярод кніжных слоў вылучаюцца навуковыя тэрміны, спецыяльныя і высокія, паэтычныя словы. Тэрміны характарызуюцца акрэсленасцю, дакладнасцю значэння, не маюць сінонімаў, не ўтвараюць ацэначных форм.

Многія тэрміналагічныя словы – запазычаныя: дэмас, індыферэнтны,  кантынгент, пастулат. Спецыяльныя словы маюць вузкапрафесійнае ўжыванне: баланс, балтарэз, рэцыпіент.

Словы высокія і паэтычныя ўласцівыя мове ўрачыста-ўзнёслай паэзіі і прозы: ветравей, ветразь, квет, лілея.

Пэўная частка кніжных слоў паступова траціць адценне навуковасці, тэрміналагічнасці і пераходзіць у разрад нейтральных: аргумент, гіпотэза, дыскусія, канцэпцыя.

Размоўныя (гутарковыя) словы ўжываюцца пераважна ў вуснай і пісьмовай гутарковай мове. Гэта вялікая і разнастайная група слоў. Найбольш тут слоў, блізкіх да нейтральных: варыва, міжнароднік, прасцяком, частунак; слоў з эмацыянальна-экспрэсіўным адценнем: весялушка, лепятуха; слоў, ужытых з пераносным значэннем: малаціць, лапатаць 'хутка гаварыць', хвост 'работа, якая не выканана ў тэрмін', дуб 'высокі,  магутны чалавек' і 'недалёкі, тупы чалавек'. Размоўнымі лічацца і дыялектныя словы, уласцівыя пэўнай тэрыторыі і адлюстраваныя ў мастацкай літаратуры (так званыя дыялектызмы): балесны, вомельгам, жалязняк, капаніца. У слоўніках дыялектныя словы маюць памету абл. (абласное).

Частка размоўных слоў мае адценне спрошчанасці, грубаватасці, у некаторых слоўніках яны называюцца прастамоўнымі і пазначаюцца паметай праст.: абібок, гарлапан, мазня, хеўра. Такія словы заўсёды семантычна ёмістыя, іх нялёгка бывае замяніць у пэўным кантэксце нейтральнымі сінонімамі. Але, разумеючы і правільна ацэньваючы экспрэсіўную вартасць такіх слоў, імі трэба карыстацца асцярожна, бо яны надаюць мове адценне грубасці і развязнасці. Прастамоўныя словы выкарыстоўваюцца ў мастацкіх і публіцыстычных творах толькі як выразны экспрэсіўны сродак характарыстыкі і самахарактарыстыкі персанажаў.

У навуковым і афіцыйна-дзелавых стылях прастамоўныя словы не ўжываюцца. У залежнасці ад кантэксту ацэначнасць стылістычна афарбаванага слова можа змяняцца. Так, у вуснах Сцяпана Крыніцкага, персанажа камедыі Я. Купалы “Паўлінка”, словы каханенькі, родненькі ў розных кантэкстах набываюць то станоўчую, тадмоўную эмацыянальную ацэнку (“Выбачайце, выбачайце, каханенькія, родненькія, адно не скажыце, што ўсяго было ўдаволь, толькі прынукі не было”; “Маўчы баба!… Ты каханенькая, родненькая, нічога не разбіраеш… Валасы доўгія, а розум кароткі”) [3, с. 541].

Адным з крытэрыяў класіфікацыі лексікі беларускай мовы з’яўляецца яе падзел паводле сферы ўжывання на агульнаўжывальную і лексіку абмежаванага ўжытку.

Л.А. Акаловіч адзначае, што “Да агульнаўжывальнай лексікі адносяцца шматлікія словы, якія не абмежаваны ва ўжыванні, могуць выкарыстоўвацца ва ўсіх моўных стылях і складаюць устойлівую аснову сучаснай беларускай мовы: маці, бацька, святло, краіна, родны, чырвоны, чатыры, першы, кожны, ён, спяваць, будаваць, каляндар, заўтра, пра, але.

Лексіка а бмеж ав а н а га ў жы в ан н я выкарыстоўваецца ў мове радзей. Гэта спецыяльная, дыялектная і жаргонная лексіка.

Спецыяльную лексіку выкарыстоўваюць у сваёй мове прадстаўнікі асобных прафесій, пэўных галін ведаў.

У спецыяльнай лексіцы вылучаюць тэрміны (навуковыя,  тэхнічныя) і прафесіяналізмы. Т э р м і н ы (лац. terminus – граніца, мяжа) – гэта афіцыйныя літаратурныя словы, якія дакладна абазначаюць навуковыя, тэхнічныя, палітычныя, эканамічныя, мастацкія паняцці: арлекін (тэатр.), бактэрыцыд (бакт.), вагранка (тэх.),  дэбетаваць (бухг.), матэрыялізм (філас.). Вузкаспецыяльныя тэрміны, якія вядомы толькі самім спецыялістам, пазначаюцца ў слоўніках або агульнай паметай спец.  (зарыбіць (спец.). Запусціць у вадаём рыбу для размнажэння), або канкрэтнай паметай, якая ўказвае на выкарыстанне тэрміна ў адпаведнай галіне навукі, тэхнікі, эканомікі (анат., архіт., геагр., заал., літ., мед., муз., с.-г., хім., эк., юр.). Агульназразумелыя шырокаўжывальныя тэрміны,  вядомыя людзям розных спецыяльнасцей, звычайна не маюць такіх памет.

Прафесіяналізмы – гэта назвы прадметаў, дзеянняў пераважна ў вуснай мове людзей пэўнай прафесіі, рамяства, занятку (цесляроў, ганчароў,  пчаляроў, паляўнічых, шаўцоў, краўцоў, друкароў, рыбаловаў і інш.): вуза або пропаліс, раёўня (пчал.); ваба, вабік, вабільшчык (паляўн.); цвікля, фастрыгаваць (кравецк.).

Да дыялектнай лексікі адносяцца такія словы мясцовай, пераважна сялянскай гаворкі з аднаго ці другога дыялекту, якія ўжываюцца толькі на абмежаванай тэрыторыі Беларусі. Дыялектныя словы адрозніваюцца ад літаратурных крыху іншым гучаннем (вахля – вафля, гараць – араць), месцам націску (спіна – спіна, перун – пярун), словаўтваральнымі прыстаўкамі, суфіксамі (зліва – лівень, загата – гаць), значэннем (мост – падлога, перадок – услон, лаўка), рознымі асновамі (саколка – майка,  галоступкам – на босую нагу, калакалуша – чаромха). Калі асобныя дыялектныя словы пранікаюць у вусную ці пісьмовую літаратурную мову, іх называюць дыялектызмамі. Пісьменнікі выкарыстоўваюць дыялектызмы ў мастацкай літаратуры як адзін са сродкаў моўнай характарыстыкі персанажаў і адлюстравання жыцця беларускай вёскі. Аднак празмернае захапленне дыялектызмамі зніжае мастацкія вартасці твора, абцяжарвае чытанне і ўспрыманне тэксту.

Дыялектныя, або абласныя, словы, якія праніклі ў літаратурную мову праз мастацкую літаратуру ці вусным шляхам, але не знайшлі яшчэ шырокага ўжывання, адзначаюцца ў тлумачальных слоўніках паметай абл., заўвагай “у народных гаворках”.

Ад лексікі дыялектнай і спецыяльнай адрозніваецца жаргонная лексіка. Жаргон (фр. jargon) –  мова вузкага кола людзей якой-небудзь сацыяльнай або прафесійна-бытавой групы (беларуска-польскі жаргон дарэвалюцыйнай шляхты, жаргон рамеснікаў, жаргон вучняў, студэнтаў, карцёжнікаў і інш.): кол (адзінка), пара (двойка), хвост (запазычанасць), матор (таксі) і да т. п.

Схематычна такі падзел лексікі беларускай мовы можна паказаць наступным чынам:

” [1, с. 101–102].

А.Г. Лукашанец акрэслівае наступныя тыпы жаргонаў, якія існавалі на Беларусі: “Слова жаргон (франц. jargon) першапачаткова абазначала ў французскай мове сапсаваную мову. Зараз пад жаргонам разумеюць любое маўленне, якое адрозніваецца ад літаратурнага і характарызуе пэўныя сацыяльныя слаі, напрыклад людзей, аб'яднаных прафесіяй, родам заняткаў, захапленнямі і г. д. Існуюць, напрыклад, жаргоны ваенных і маракоў, акцёраў і фізікаў, паляўнічых і карцёжнікаў, сталяроў і металургаў, моладзі і рок-музыкантаў. Яны неаднолькавыя па распаўсюджанні, па той ролі, якую адыгрываюць у дадзеным асяроддзі, па паходжанні і асаблівасцях развіцця.

На адным полюсе знаходзяцца жаргоны, якія набліжаюцца да прастамоўя: гэта аб'яднанні слоў, што выкарыстоўваюцца найчасцей у неафіцыйных сітуацыях, сярод сяброў: словы, якія маюць значную долю жарту,  эмоцый і экспрэсіі. Такія жаргоны выкарыстоўваюцца найперш для ажыўлення маўлення, стварэння  асабливага моўнага каларыту. Яркім прыкладам такіх жаргонаў служыць жаргон моладзі (маладзёжны сленг). Яго носьбітаў аб'ядноўвае толькі ўзрост, і часта жаргонныя слоўцы ў мове моладзі як бы гавораць: я  – “свій”, г. зн. жаргон, разам з прычоскай, стылем адзення і г. д., служыць знешнім атрыбутам маладога чалавека і робіць яго падобным на тысячы яго равеснікаў. Крыху іншы характар маюць прафесійныя жаргоны, г. зн.  жаргоны людзей адной прафесіі, спецыяльнасці. Яны адрозніваюцца ад маладзёжнага жаргону найперш складам лексікі: большая частка іх – словы, якія абазначаюць розныя прадметы і з'явы пэўнай прафесійнай дзейнасці. Там, дзе звычайны чалавек скажа хвост, паляўнічы назаве больш за дзесяць слоў, якія абазначаюць розныя віды хвастоў жывёл; у сталяра кожны інструмент мае сваю назву,  якая адрозніваецца ад літаратурнай;  паліграфісты даюць сваё найменне розным відам памылак, браку друкаванай прадукцыі. Вельмі часта такія прафесійныя словы маюць сінонімы ў літаратурнай мове. Прафесійныя жаргоны адрозніваюцца ад прафесійных тэрміналагічных сістэм сваімі адносінамі да літаратурнай мовы. Першыя знаходзяцца па-за яе межамі. Аднак па выкарыстанні прафесійныя жаргоны блізкія да маладзёжных; яны ўжываюцца ў неафіцыйных абставінах, найчасцей сярод прадстаўнікоў адной прафесіі. Як і маладзёжныя,  прафесійныя жаргоны вельмі экспрэсіўныя.

Найбольш старажытныя паводле паходжання жаргоны трэцяга тыпу:  мовы вандроўных рамеснікаў, гандляроў, жабракоў дарэвалюцыйнай Расіі, Украіны, Беларусі, а таксама жаргон злачынцаў. Да гэтых жаргонаў у большай ступені падыходзіць назва ўмоўныя (або тайныя) мовы.

Гандляры і рамеснікі, ідучы на заробкі далёка ад родных мясцін, дамаўляліся пры неабходнасці гаварыць так, каб сярод чужых ніхто не мог іх зразумець.  Ствараліся не проста асобныя словы,  a цэлыя лексіка-семантычныя сістэмы – мовы, на якіх складалі песні, частушкі, прымаўкі, вершы. Лексіка ўмоўных моў багатая і разнастайная. Тут ёсць усе паўназначныя часціны мовы (назоўнікі, прыметнікі, лічэбнікі, дзеясловы, прыслоўі). Службовыя ж часціны мовы браліся звычайна з агульнанароднай мовы. Словы ўмоўных моў абазначалі і з'явы прыроды, і фізічны і псіхічны стан чалавека i разнастайныя прадметы пэўнай спецыяльнасці і сялянскага побыту,  жывёл і расліны, уласцівасці і прыметы прадметаў, найбольш распаўсюджаныя дзеянні.

Да ліку беларускіх умоўных моў адносяцца катрушніцкі лёмезень (мова шапавалаў с. Дрыбіна Магілёўскай губерні); парушніцкі лёмез (мова шклоўскіх краўцоў і шапавалаў); адвёрніцкая гаворка (мова рамеснікаў Крычава Магілёўскай губерні); мова шапавалаў Навазыбкава і краўцоў Жыздры (зараз у Бранскай і Калужскай абласцях, але іх трэба аднесці да беларускіх); любецкі лемент (мова жабракоў Мсціслаўскага, Чавускага, Клімавіцкага, Чэрыкаўскага паветаў Магілёўскай губерні,  а таксама Чарнігаўскага, Мглінскагаі Бранскага паветаў); мова семежаўскіх жабракоў з в. Семежава Слуцкага павета Мінскай губерні; выцірняцкі гаўрыднік – мова лабараў – прафесійных збіральнікаў ахвяраванняў на патрэбы царквы, а першапачаткова і касцёлаў (м. Іванава Кобрынскага павета Гродзенскай губерні).

Храналагічна першым з'яўляецца ўпамінанне аб адверніцкай гаворцы крычаўскіх мяшчан – краўцоў і шаўцоў у «Апісанні Крычаўскага графства ці былога староства 1786 года» А. Меера (апублікавана Е. Р. Раманавым у 1901 г.). Меер прыводзіць 6 выразаў, 35 назоўнікаў і 5 дзеясловаў гэтай гаворкі. У 1853 г. С. Мікуцкі апублікаваў кароткі слоўнічак любецкай мовы (мовы сляпых жабракоў, старцаў). Слоўнік уключаў 65 слоў, сярод якіх былі такія, як хира 'рука',троить 'есці', сапи 'маўчы', карыга 'дзеўка', галость 'соль'.

Цікавым з'яўляецца і размеркаванне лексікі ўмоўных моў па тэматычных групах. Так, у «Беларускім зборніку» Е. Р. Раманаў выдзяляе наступныя прадметна-паняційныя групы слоў.

  1. З'явы і прадметы прыроды: суга, делька 'вада', сьвянка, дэус 'сонца', цір 'пясок', кугод 'год', дэушница 'тыдзень'.
  2. Прадметы духоўныя: свяно 'свята', хлюса, дэушница 'царква', калагáн 'звон', псáлка 'духоўны верш, псалм'
  3. Чалавек: цыризник 'цар', бакштэйка, ёрица 'маці', югáн 'цыган', апульщик 'купец', главда 'галава', красинка 'кроў'.
  4. Ежа: пирьхá 'мука', артимос 'блін', буклей 'квас'.
  5. Адзенне: настыжница 'спадніца', подрубсень 'пояс', хвилистка 'хустка', верзюки 'лапці'.
  6. Жыллё, рэчы, прылады: шусто 'горад', хаз 'хата', дергутница 'млын', хазомка ‘пакой'бодабка 'іголка'.
  7. Жывёлы: волот конь', лынь'воўк', бурчавка 'пчала'.
  8. Расліны: зёдка 'жыта', сувязка 'грэчка', товпыжница, солодимная морква' (літаральна 'рэдзька салодкая'), вихро 'сена'.
  9. Дзеянні: ёрчать 'ехаць', лыхтитца 'смяяцца', сиворить 'мёрзнуць', пропулять 'прадаваць', сёворить – сеяць'.
  10. Уласцівасці і якасці: шáвлый 'вялікі', ласый, тонкимный 'тонкі', дулясный 'гарачы', няўлёпый 'сляпы'.
  11. Лікі i меры: ёный 'адзін', стромах 'тры', кусотня 'сто', бакрышний 'другі', лухтовина 'палавіна',

вихт 'фунт'.

  1. Найбольш ужывальныя займеннікі: мань 'я', бальва 'ты', собёскийсвой', тонтый 'той', коро 'што', сабасный 'сам'.
  2. Асноўныя прыслоўі: просто 'многа', мугром хутка', шимчей 'лепш', нисвязу 'ніколі', шот 'вот', кусеньня 'сёння' [3, с. 202–204].